механізаваны (з убудаваным рухавіком) інструмент, які пры рабоце поўнасцю або часткова ўтрымліваецца аператарам. Для прывядзення ў дзеянне рабочага органа карыстаюцца пнеўматычным, эл., радзей гідраўл. прыводам ці рухавіком унутр. згарання, парахавым зарадам.
Паводле прызначэння адрозніваюць Р.м.: дрэва- і металарэзныя (гл.Дрэварэзальны інструмент, Металарэзны інструмент), свідравальныя (дрылі), рэзьбанаразныя і закручвальныя (рэзьбанаразны інструмент, гайка-, шурупа-, шпілька-, муфтавёрты і інш.), шліфавальныя (для шліфавання, паліравання і зачысткі паверхняў), пілы (нажоўкі, дыскавыя, ланцуговыя пілы і інш.), нажніцы (дыскавыя, рычажныя, высечныя і інш.), малаткі (адбойныя малаткі, рубачныя, зачышчальныя, кляпальныя, цвіка- і скобазабіўныя і інш.), фрэзерныя (для ўтварэння пазоў, гнёздаў, розных паглыбленняў у метал., драўляных, пластмасавых ці інш. вырабах).